30.08.2026 / 08:08

Правяралі на катах – так калісьці даўно беларусы запэўніваліся, што не атруцяцца грыбамі. Зараз так не робяць – ёсць навука і інтэрнэт, а таму пры падрыхтоўцы тэксту ніводзін кот не пацярпеў.


🎧 Паслухаць змест артыкула

Аудыё згенеравана ШІ. Можа мець памылкі

 

Тры грыбы, якія складана з нечым пераблытаць

У гэтым годзе грыбны сезон пачаўся рана – халоднае і занадта вільготнае лета грыбам апынулася ў самы раз, і ў Слоніме ўжо ёсць лісічкі і падасінавікі. Галоўнае не набраць у лесе чагосьці іншага і атрутнага – папярэджвае лабараторыя мікалогіі Акадэміі навук.

Базавы набор любога грыбніка ў Беларусі – баравік, падасінавік, падбярозавік, лісічка, часам польскі грыб. Але, напрыклад, не ўсе возьмуцца збіраць апенькі, ды і ўвогуле памыліцца не хацелася б. Для пашырэння ведаў мы выбралі некалькі грыбоў з небазавага набору і дастаткова адметных, каб іх ні з чым не пераблытаць.

Першы грыб – масляк, ён жа казёл (Віцебшчына) ці казляк (Гродзеншчына). Яны адносна невялікія, выяўна жоўтыя пад шляпкай. Сама шляпка настолькі слізкая, што найбольш далікатным людзям можа быць непрыемна да яе дакранацца. Ядуць свежым, марынаваным, салёным і сушаным.

 

Маслякі. Фота – Марыя Чурсіна, wildlife.by

 

Колцавік, ён жа курка, палукурка, курачка ці нават яўрэйка – знешне страшненькія тым, што крыху нагадваюць паганку, але зблытаць іх усё ж складана. Нягледзячы на светлы колер і нават калечка вакол ножкі, курачкі жоўтыя бруднаватага адцення, а ў адрозненне ад паганак, якія аж ззяюць знутры.

Шляпка іх пакрытая светла-шэрым лёгкім налётам, можна сказаць, крыху серабрыстым. Растуць часта разам у вялікай колькасці, таму іх даволі лёгка назбіраць шмат. Агулам гэты грыб высокі, выцягнуты, але маленькія могуць быць акруглымі і невялікімі. Ядуць свежым, марынаваным, салёным.

 

Курка. Грыб
Куркі. Фота – gribnik.info

 

Экзатычны грыб, які рэдка сустракаецца – вожычнік жоўты (ежовик жёлтый), ён жа мядзьведзік, вядзьмедзік, мядзьвежае вуха і нават пупач. Ядуць маладыя грыбы, адварыўшы.

Ён мала расце ў Беларусі, але і ў Чырвоную кнігу не занесены. Знешне нечым нагадвае лісічку, але абрысы больш плаўныя, а колер лагоднейшы. Пад шляпкай не пласцінчаты і не трубчаты – у яго "валасы".

 

Holger Krisp
Вожычнік жоўты (Holger Krisp). Фота: wikipedia.org

 

Грыбная навука перадавалася вусна, а крайнім апынуўся кот

Традыцыя збіраць грыбы ў Беларусі была здаўна, але веды назапасіліся не адразу, – пішуць аўтары энцыклапедычнага даведніка "Грыбы і грыбная кулінарыя". Рэпутацыя віду як ядомага была не ўніверсальнай. Напрыклад, у XVII стагоддзі апенькі збіралі месцамі ў Быхаўскім раёне, а далей на ўсход іх не ведалі і праз стагоддзе.

Мастацтва адрозніць ядомыя грыбы ад атрутных – адначасова і вельмі народнае, і для кагосьці складанае настолькі, што грыбоў скарэй пазбягаюць увогуле, як, скажам, у Нідэрландах. І найбольшая мудрасць любога грыбніка ў тым, што калі не ведаеш грыб – не еш.

Аутентичная традиция собирать грибы меняется из-за климата – и кое-где исчезает 

Собирать грибы в Беларуси считается нормой, но на самом деле – это традиция, которая существует не везде

 

Інтэрнэт усё ведае

Варта дадаць, што набор "ядомых" грыбоў у адных беларускіх сем'ях можа моцна адрознівацца ад іншых і ўключаць ці не ўключаць радоўку ці апенькі. Лічыцца нават, што надзейней, калі нехта ўжывую "пакажа" правільны грыб, як ён выглядае і дзе расце, чым прачытаць у сеціве, кнізе ці аплікацыі ў тэлефоне.

Але, тым не менш, пры патрэбе можна, напрыклад, спытаць у сацсетках – так на мінулым тыдні зрабіла сям'я, якая набыла "лясныя шампіньёны" з рук. Падчас смажання ў іх з'явіўся моцны спецыфічны пах, страву выкінулі, але фота выклалі ў сацсеткі. Апынулася, што шампіньён быў атрутнага падвіду Agaricus xanthodermus, які жаўцее на зрэзе (звычайны ядомы шампіньён не жаўцее).

Ядавіты шапіньён
Ядавінты шампіньён. Фота: @koveshaaa
Ядавіты шампіньён. Фота: wikipedia.org
Ядавіты шампіньён. Фота: wikipedia.org

Зрэшты, калі не было інтэрнэту, лабараторыі мікалогіі і кніжак, то не ўсе грыбы выкідалі. Бывалі даволі крэатыўныя і не дужа гуманныя спосабы іх праверыць.

"Пры ўжыванні незнаёмых, "новых" грыбоў на Віцебшчыне, у Сенненскім ды Чашніцкім раёнах, даўней давалі іх, змазаныя з салам, катам, каб калі яму не пашкодзіла ці ён прасіў яшчэ таго ж пачастунку – лічылі гэтыя грыбы прыдатнымі і для сябе", – пішуць аўтары таго ж самага даведніка пра грыбы (адзін з каторых з'яўляецца навукоўцам-біёлагам, а другі – філолагам).

Як яшчэ вызначаць, якія можна есці і якія нельга? Зараз папулярна ўсё пытаць у штучнага інтэлекту – і ён сапраўды можа даць падказкі, бо ведае шмат відаў. Таксама ёсць шэраг аплікацый для тэлефона, адкуль можна ўзяць базавыя веды.

Напрыклад, нядаўна беларусы распрацавалі аплікацыю Mushroom Checker, які даступны на App Store і Google Play (гэта частка праекта Skyforest, якому таксама можна адпраўляць фота грыбоў і ў тэлеграм-бот).

Зрэшты, разбірацца не абавязкова азначае ведаць усе віды, іх у Беларусі некалькі соцень. Надзейней ведаць некалькі, якія дакладна можна есці. Бо часам для вызначэння тыпу грыба важны не толькі выгляды, але таксама колер на зломе ножкі, выгляды пад шляпкай, нават кропка росту самай ножкі – і ў гэтым інтэрнэт не заўсёды дапаможа.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость