12.01.2024 / 15:01

І – раптоўна – прыгажуня.

 

Фота: прэс-служа Мінэнерга
Фота: прэс-служа Мінэнерга

На БелАЭС прызначаны новы дырэктар, і сам па сабе гэты факт не быў бы надта цікавым, калі б Лукашэнка, даючы Сяргею Бабовічу гэтую пасаду, не нахвальваў станцыю ў стылі халоднай вайны і конкурсу «Міс Сусвет» адначасова.

Астравецкая АЭС для Лукашэнкі – і прыгажуня, і мусіць стаць найлепшай станцыяй у свеце. Не зусім ясна, праўда, чаму яна такой толькі павінна стаць і чаму ён не кажа, што ад самай першай закладзенай цаглінкі было ясна, што гэта найлепшы прадукт чалавечай думкі ва ўсім сусвеце. Можа, гэта такі камплімент Бабовічу і праява даверу – менавіта ён мусіць зрабіць проста АЭС надзвычайнай АЭС.

Цікава, што пры гэтым Лукашэнка кажа яму пачынаць працу з аспектаў, не звязаных з бяспекай. Няўжо намякае, што спачатку трэба патрэніравацца і паказаць сябе ў такой працы, у выніку правалу якой не давядзецца эвакуяваць Вільню?

Увогуле, выглядае гэта ўсё вельмі агідна – Лукашэнка ізноў літаральна кажа, што з’яўляецца галоўным спецыялістам ва ўсіх галінах. Яму казалі, што няма ў Беларусі спяцоў, здольных кіраваць АЭС, а ён не пагадзіўся, і тады спяца ўсё ж знайшлі.

Вось бы яму яшчэ знайшлі людзей, якія патлумачаць, што гэта так не працуе. Што кампетэнцыі і прафесіяналізм усіх вакол не залежаць ад жадання Лукашэнкі. Што ад таго, што яму не падабаецца нейкі расклад, ён не змяняецца чароўным чынам.

Толькі не ўспрыміце гэтыя мае іранічныя мары за шчырую веру ў тое, што яму нешта можна патлумачыць. Я ўсё ж не настолькі аптымістка.

Але нам усім з гэтымі рашэннямі неяк жыць. Неяк трэба жыць з тым, што зусім побач пабудаваная АЭС, да якой фактычны кіраўнік краіны ставіцца выключна як да элемента змагання са страшным Захадам. Гэтаму Захаду трэба паказаць, што ў Беларусі найлепшае ўсё, у тым ліку і атамная электрастанцыя, а паказваць мы будзем як? Фармальнымі паказчыкамі і, хутчэй за ўсё, хлуснёй.

Навошта гэта рабіць? А каб было. І таму што ніхто ж не забароніць дарослым мужчынам гуляцца ва ўмоўныя танчыкі.

Калі няма чым хваліцца ў плане якасці жыцця, адукацыі і медыцыны, можна хваліцца такой вось прамысловасцю і тым, што загналі сябе ў расійскую кабалу.

А Захад хай нам зайздросціць – гэта ж не ў яго станцыя-прыгажуня і вось-вось найлепшая станцыя ў свеце.

Дарэчы, вельмі цікава, што б Лукашэнка адказаў на пытанне, якая станцыя найлепшая цяпер. Я больш чым упэўнена, што ў ягонай карціне свету такой проста няма, а потым р-р-р-р-раз і будзе нашая. І пляваць, ці прынясе гэта рэальную карысць беларускам і беларусам – галоўнае, што яго асабіста задавальняе гэтая цацка, і ў Маскве таксама задаволены.

А мы неяк прыстасуемся. Нам, зрэшты, не звыкаць.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость