11.01.2021 / 11:01

А потым забраць сабе сябра дадому.

На фота - Люся, якая шукае сваю сям'ю.

 

Праграма TrueFriend – гэта магчымасць завесці сабе сапраўднага сабаку анлайн. Спампаваць яе можна і на Android, і на iOS, пасля трэба выбраць аднаго або некалькі хвастоў – і даглядаць за імі: даваць ежу, вучыць камандам, рабіць прышчэпкі. У рэальнасці ўсё гэты будуць выконваць валанцёры прытулку і запісваць для вас відэасправаздачу.

Мабільны распрацоўшчык TrueFriend Ілля Сяменчанка расказаў, што перад запускам праграмы стваральнікі пагутарылі амаль з усімі прытулкамі, што ёсць у Беларусі. У выніку абралі “Дом Сабачай Надзеі”, з якім вырашылі стартаваць. Пакуль што ў анлайне прадстаўлены толькі ён і восем сабак, якія там жывуць, але ж сёлета распрацоўшчык плануе дадаць яшчэ некалькі прытулкаў у праграму.

“Першапачатковая ідэя значна змянілася, калі мы даведаліся пра рэальнае становішча жывёл. І нам спадабаўся “Дом Сабачай Надзеі”, бо там няма гаспадара прытулку. Асноўны касцяк валанцёраў працуе там шмат гадоў. І яны адгукнуліся на нашу прапанову. Мы самі сталі валанцёрыць, ездзілі на змены да сабачак. Паспрабавалі на сабе ўсё”, – расказвае праграміст.

TrueFriend была распрацавана яшчэ ўвесну, але каманда вырашыла, што першая хваля каранавірусу – гэта не вельмі ўдалы момант. Таму карыстальнікі ўбачылі праграму толькі ў ліпені.

Але ж літаральна праз 10-15 дзён, калі адбыліся выбары, праект зноў прыйшлося крыху замарозіць. Па-першае, без інтэрнэту карыстальнікі не маглі некалькі дзён клапаціцца пра сваіх віртуальных гадаванцаў, па-другое, сам распрацоўшчык з жонкай – галоўныя ініцыятары праекта – вымушаны былі з’ехаць з краіны.

Пасля паўзы, якая крыху зацягнулася, праект запусціўся нанова ў снежні 2020-га. Валанцёры прытулку самі ініцыявалі перазапуск, бо нават за тыя некалькі дзён лета, калі праграма працавала, атрымалася знайсці дом аднаму сабаку. Трохлапы Палкан жыў даўно ў прытулку і, шчыра кажучы, не асабліва ўжо спадзяваўся знайсці сям’ю, бо яму ўжо было восем гадоў. Але ж будучая гаспадыня знайшла яго менавіта праз праграму TrueFriend і забрала да сабе.

Зараз уся каманда праекта – гэта каля 20 чалавек: распрацоўшчык, тэсціроўшчыкі, дызайнерка, ілюстратарка, валанцёры і валанцёркі прытулку. Яшчэ некалькі чалавек дадаліся нядаўна.

Стваральнікі праграмы лічаць, што іх фішка – у эфекце тамагочы.

“Чаму тамагочы быў папулярны ў свой час? Ёсць цэлае даследаванне пра эфект тамагочы: калі чалавек выконвае штодзённыя дзеянні, ён/яна можа прывязацца нават да нечага віртуальнага. А тут рэальны сабака, пра якога ты кожны дзень клапоцішся. Таму мы разлічваем, што праз некаторы час чалавек захоча перавесці сваё знаёмства з гадаванцам у афлайн, асабіста наведае яго і, магчыма, забярэ дадому”, – тлумачаць ініцыятары.

Зараз каманда назірае, колькі карыстальнікаў будуць гатовы з анлайна перайсці ў афлайн да асабістага знаёмства.

Распрацоўшчыкі разумеюць, што гэты праект – не рашэнне праблемы бясхатніх жывёл. Каб іх стала менш, патрэбна заканадаўчая база і ініцыятыва грамадства: каб людзі адказна ставіліся да сваіх гадаванцаў і каб была магчымасць кантраляваць папуляцыю хатніх сабак і катоў.

TrueFriend не спрабуе вырашыць усе праблемы, але значна дапамагаем жывёлам, якія ўжо апынуліся ў прытулках.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость