16.08.2018 / 08:08

Бадай, што кожны з дзяцінства памятае гурткі па інтарэсах: гітара, спевы, шахматы ці фіхтаванне. Такім чынам можна было раскрыць у сабе патэнцыял да мастацтва ці спорту, альбо грунтоўна замацаваць свой талент. Сёння такога кшталту ўстановы дадатковага развіцця перараслі ў спецыялізаваныя цэнтры, дзе дзеткі могуць не толькі бавіць час ці набываць новыя веды, але і пашыраць свой светапогляд.

Адзін з такіх цэнтраў размясціў свае філіялы ў новых мікрараёнах Мінска, што хутка абрастаюць шматпавярховікамі і засяляюцца маладымі сем'ямі з дзецьмі: на Грушаўцы і Новай Баравой.

На першы погляд праграма Дзіцячага клуба "Вера і Анфіса" нічым не адрозніваецца ад шэрагу падобных прапаноў, пакуль вока не чапляецца за досыць незвычайныя развіваючыя заняткі з сабакам.

Зялёны партал паразмаўляў з уладальніцай Цэнтра Аленай і гаспадыняй голдэн рэтрывера Ямайкі Аляксандрай, каб даведацца больш пра ідэю і самі заняткі.

Сустрэчу прызначылі ў філіяле цэнтра на Новай Баравой, мікрараёне, што дакладна адрозніваецца ад усіх астатніх сталічных спальнікаў. Знайсці адразу дзіцячы цэнтр аказалася не так і проста, аднак мясцовыя жыхары добра ведаюць яго і з дакладнасцю паказваюць дарогу.

Пры ўваходзе ў Цэнтр "Вера і Анфіса" у вочы кідаецца налепка на дзвярах з надпісам "Pets friendly". У памяшканні вока чапляецца за творы дзіцячых ручак, аформленыя ў драўляныя рамы, за скрынку буккросінга з літаратурай для дзяцей, за невялікую лялечную мэблю.

"Філіял на Новай Баравой крыху адрозніваецца ад таго, што знаходзіцца на Грушаўцы. Аднак развіваючыя заняткі з сабакам у нас праводзяцца ў абодвух", — распавядае Алена.

Ідэя зрабіць такога кшталту заняткі ўзнікла на самым пачатку стварэння клуба. Аднак, каб вырашыцца на падобную праграму — важна не толькі парода сабакі, але і гаспадар гадаванца.

Пры знаёмстве Алены з Аляксандрай усе пытанні зняліся самі сабой. Акрамя таго, што ў  дзяўчыны была падобная мара, да ўсяго яна з'яўляецца спецыялістам псіхолагам, што займаецца дэльфінатэрапіяй.

"Аляксандра, жывучы з сабакам, усё сваё разуменне адносін з гадаванцам, хацела трансляваць людзям. Даць магчымасць па-іншаму зірнуць на свет, выйсці за межы пост-савецкага ўспрымання, калі людзі не разумеюць, якім чынам з жывёламі можна з'яўляцца ў грамадскіх месцах, — дзеліцца Алена. — Таму ўсё супала: у Аляксандры быў сабака, а ў нас адкрываўся Дзіцячы клуб".

Заняткі было вырашана акцэнтава не на тэрапеўтычным аспекце, а менавіта на стасунках дзяцей з жывой істотай. Каб тыя, хто не мае магчымасці завесці сабе гадаванца, маглі атрымаць поўнае ўяўленне, што такое сабака і як трэба з ім абыходзіцца.

"У пэўным узросце ты пачынаеш дзеткам тлумачыць, што вось гэта зайка, а гэта сабачка. Але з большага ўсё праз карцінкі… Не будзеш жа падыходзіць на вуліцы і прасіць пагладзіць сабаку. Па-першае, не ведаеш наколькі здаровай будзе рэакцыя жывёлы, па-другое, гаспадара, ці нармальна з такімі просьбамі лезці да чалавека, пераходзіць зону камфорту, — тлумачыць Алена. — А спецыяльныя заняткі, на якія прыходзяць дзеткі аднагодкі, якія могуць пазнаёміцца з сабакам, навучыцца даглядаць за ім, засвоіць каманды і пагуляцца — падаліся выдатным выйсцем".

Да ўсяго, упэўнена дзяўчына, магчымасць  выбраць для дзяцей не толькі базавыя курсы па развіцці, але штосьці незвычайнае надаюць дзіцячаму цэнтру пэўную прывабнасць.

Тым больш, дарослыя прымаюць непасрэдны ўдзел у занятках. Гэта неабходная ўмова для таго, і каб сачыць за ўсімі, і як прыклад для дзетак. Бо, як зазначае Аляксандра, немагчыма патлумачыць, што жывёла добрая і баяцца яе не трэба, калі бацькі самі не ўзаемадзейнічаюць з сабакам. 

"Ямайка любіць дзетак… І звычайна ад самага пачатку яна вельмі неспакойная: бегае, усіх нюхае, аблізвае, носіць свае цацкі. Таму адразу, на адаптыўным этапе, у дзетак ужо ёсць эмацыйны зарад ад сабакі. У гэтым працэсе я не кантралюю Ямайку, каб і бацькі разумелі, што ёй можна верыць і ніякім чынам сабака нікому не нашкодзіць. Затым пачынаецца інтэрактыў — гульні, дзе дзеткі яшчэ не настолькі блізка кантактуюць з Ямайкай. І толькі пасля гэтага мы ўжо тактыльна і больш блізка знаёмімся з ёй: можна падысці пагладзіць, абняць, вывучыць яе лапкі, нос, вушы, зубкі. Упэўніцца, што гэта зусім не страшна", — апісвае заняткі Аляксандра.

Спецыяльна Ямайку не трэнеравалі, сабака мае базавыя навыкі і выхаванне. Але Аляксанда, як гаспадыня, цалкам давярае свайму гадаванцу і ведае, што ён не зробіць нічога нечаканага.

Вядома, у залежнасці ад узроставай катэгорыі Ямайка дэманструе розныя ўменні: з малодшымі дзеткам — гэта паказальныя выступы, як яна ўмее прыгаць, танчыць, для больш дарослых — з сабакам можна пагуляць у хованкі.

"Дзеткі павінны ведаць, нягледзячы на тое, што сабака не размаўляе, яму можна ўсё патлумачыць і адначасова “прачытаць” яго рэакцыю і паводзіны. Разумець, што азначае вілянне хвастом ці як ён паказвае сваё незадавальненне. Ямайка — голдэн рэтрывер, парода вельмі цярпялівая. Аднак нават у яе ёсць мікра “выразы”, па якім ужо можна вызначыць, што ў сабакі пік — і далей ён ці проста сыйдзе, ці аддзёрнецца. У такія моманты я яе “ратую”. Да ўсяго і дзеткі стамляюцца. Таму нагуляўшыся з Ямайкай, яны пераключаюцца на свае справы, але сабака застаецца пры іх. І ў любы момант ён можа падысці, пакласці сваю морду, а дзеткі пагладзіць яго", — распавядае Аляксандра.

Пры гэтым, дадае Алена, у заняткаў няма нейкага жорсткага падыхода, наадварот, яны максімальна натуральныя і набліжаныя да таго, як бы паводзіў сябе сабака, жывучы ў сям'і. Гэта неабходна для лепшага разумення дзеткамі, што ж гэта за істота такая — сабака.

"Дзякуючы сваёй адукацыі і досведу Аляксандра не стрымлівае дзетак у праяўленні эмоцый да Ямайкі, за што, дарэчы, бацькі вельмі ўдзячны. Бо нават самае некантакнае і баязлівае дзіця можа раскрыцца на такіх занятках.

Больш таго, на адаптацыйных занятках да дзіцячага садка, калі бачым, што камусьці складана, мы раім бацькам наведаць каністэрапію, дзе дзіця можа атрымаць лёгкі “уваход” у грамадства. Бо яго ўвага са знешняга асяроддзя пераключаецца на адзін канкрэтны аб'ект — сабаку, які развявольвае яго, дазваляе забыцца на вонкавыя фактары.

Выдатна заняткі з сабакам працуюць і для гіперактыўных дзетак, бо ўсю сваю энергію яны выплёсківаюць у гульнях з Ямайкай", — кажа Алена.

Таму пры сустрэчы з сабакам у цэнтры кожны можа задаволіць свае патрэбы. А эмацыйная свабода, якая ўласціва іх правядзенню, — толькі спрыяе станоўчаму выніку.

Пра тое, што задума ўжо дала свае вынікі сведчаць не толькі падзякі бацькоў, але і своеасаблівае развіццё ідэі. Як кажа Алена, з'явіўся намер пашырыць і разнастаіць заняткі, напрыклад, завесці трусікаў, за якімі б дзеткі маглі даглядаць і карміць. Аднак гэта зусім не значыць, што дзіцячы клуб ператворыцца ў сваеасаблівы кантактны заапарк, дзяўчаты катэгарычна гэтага не хочуць.

Таксама ў нейкім сэнсе дзякуючы Ямайцы на дзвярах Цэнтра і з'явілася тая самая налепка, што сведчыць пра прыязнасць установы да жывёл. І на такую магчымасць ужо ёсць водгук, бо ўсё больш і больш бацькоў прыходзяць за сваімі дзеткамі з хатнімі гадаванцамі.

Да ўсяго некаторыя наведвальнікі заняткаў з Ямайкай усё ж адважыліся завесці гадаванца, праўда, на сабак невялікіх парод.

І па словах Аляксандры, гэта цалкам натуральна, бо дзецям хочацца мець кантакт з жывымі істотамі, ім неабходна ўзаемадзейнічаць з жывёламі.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость