Новае даследаванне, вынікі якога апублікаваныя ў часопісе PLoS Biology, паказала, што для ўзнаўленне водна-балотнай тэрыторыі да таго стану, каб яна падтрымлівала былую біяразнастайнасць і захоўвала былую колькасць двуокісу вугляроду, могуць спатрэбіцца стагоддзі, - калі такое ўзнаўленне ўвогуле магчымае.
Атрыманыя вынікі ставяць пад знакам запытання законы, прынятыя, напрыклад, у ЗША, які дазваляе руйнаваць прыроднае балота так доўга, як падобнае дзе-небудзь у іншым месцы адначасова ўзнаўляецца.
"Калі аднойчы знішчыць водна-балотнае ўгоддзе, праз шмат год яно не зможа вярнуць свой былы склад расліннасці або багатыя запасы вугляроду ў глебе, ад якіх залежыць прыродны цыкл вады і мінеральных кампанентаў" – сказаў адзін з аўтараў даследавання Дэвід Марэна-Матэос (David Moreno-Mateos) з універсітэту Каліфорніі ў Бэрклі (ЗША). "Нават пасля стагоддзя ўзнаўлення такая водна-балотная тэрыторыя ўсё яшчэ будзе адрознівацца ад таго, што там было раней. І можа ніколі так напраўду і не ўзнавіцца".
Спраўдзіўшы 124 навуковыя працы па ўзнаўленню забалочаных месцаў, у якіх разглядаюцца 621 балота з розных месцаў нашай планеты (хаця 80% з іх размешчаны ў ЗША), артыкул нагадвае, што нават праз 50-100 год узнаўлення такія месцы ўсё яшчэ захоўваюць на 23% менш вуглероду і на 26% менш відаў раслін чым непарушаныя балоты. У сярэднім узнаўляемыя водна-балотныя тэрыторыі на чвэрць менш прадуктыўныя за сапраўдныя. Даследаванне таксама паказала, што балоты ў халодным клімаце патрабуюць на ўзнаўленне сваёй экасістэмы больш часу, чым тыя, якія знаходзяцца ў больш цёплых шыротах.
"Балоты назапашваюць шмат вугляроду, таму калі вы асушаеце іх для вядзення сельскай гаспадаркі або для забудовы, вы напрамую "вызваляеце" гэты вуглярод у атмасферу." – растлумачыў Марэна-Матэос. "Калі працягваць асушаць балоты, вуглярод, які перайдзе з іх у атмасферу прыйдзецца вяртаць стагоддзямі".
Аднак водна-балотныя ўгоддзя не толькі назапашваюць вуглярод, падтрымліваюць багатую біяразнастайнасць, але таксама ачышчаюць ваду, дапамагаюць супрацьстаяць эрозіі і змяншаюць рызыку паводак.
Таму трэба не руйнаваць хаця б тое, што засталося. Бо паводле сучасных уяўленняў эколагаў, многія экасістэмы пасля іх знішчэння немагчыма ўзнавіць цалкам.
Нават праз 100 год пасля паноўнага забалачвання тэрыторыя не выконвае сваёй былой прыроднай функцыі.


Загрузка опроса...

